ЗАПА́ЛЬНЫЯ САСТА́ВЫ,
піратэхнічныя саставы, а таксама гаручыя рэчывы ці іх сумесі, якія выкарыстоўваюць для начынення боепрыпасаў або агнямётаў. Пры гарэнні З.с. выдзяляецца вял. колькасць цяпла, якое перадаецца матэрыялу, што падпальваюць. Эфектыўнасць дзеяння залежыць ад саставу З.с. і ад канструкцыі боепрыпасаў.
Паводле хім. саставу падзяляюць на З.с. з акісляльнікамі — аксідамі марганцу і жалеза (гл. Тэрміт), нітратамі ці перхларатамі металаў (напр., калію нітрат KNO3, перхларат KClO4 іх шчыльнасць больш за 3000 кг/м³, цеплата згарання 6—8 МДж/кг, т-ра гарэння да 3000 °C; З.с., у якіх адсутнічае акісляльнік, згараюць у прысутнасці кіслароду паветра — загушчаныя нафтапрадукты (напр., напалм), белы фосфар, сплаў «электрон» (сплаў 96% магнію з алюмініем і інш. элементамі). Іх шчыльн. 800—2000 кг/м³, цеплата згарання 42 Мдж/кг, т-ра гарэння 800—1000 °C.
Р.А.Чарнушэвіч.
т. 6, с. 530
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)